Сёння роўна год, як нічога невядома пра Міколу Статкевіча. Апошнія звесткі пра засуджанага на 14 гадоў зняволення экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года былі датаваныя 9 лютага 2023 года.

Байпол, праўда, паведамляў, спасылаючыся на свае крыніцы, што палітыка, які адбывае зняволенне ў Глыбоцкай калоніі, могуць трымаць у ПКТ — памяшканні камернага тыпу.

А ягоная жонка Марына Адамовіч днямі адбыла 15 сутак.

Да міжнароднай кампаніі «Пакажыце Статкевіча!» далучылася Святлана Ціханоўская.

«Я заклікаю ўсіх нашых міжнародных партнёраў: медыя, палітыкаў, актывістаў — патрабуйце ад рэжыму паказаць Міколу Статкевіча. Рабіце максімальны ціск на рэжым. Нам трэба давесці, што ніякае злачынства не застанецца беспакараным», — заявіла Ціханоўская ў сваім відэазвароце.

Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года за два месяцы да так званых “прэзідэнцкіх выбараў” і праз паўтара года асудзілі на 14 гадоў калоніі.

Адміністрацыяй калоніі Мікола Статкевіч летась неаднаразова пераследаваўся “дысцыплінарнымі спагнаннямі”, акрамя таго на яго сабраны матэрыял для пачынання ў дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 411 КК Беларусі («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»).

Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу