
25 гадоў таму (1999) – У в. Валеўка (Наваградзкі р-н) памёр Уладзімір Урбановіч, беларускі краязнавец, педагог, культуролаг.
Уладзімір Урбановіч нарадзіўся 1 жніўня 1921 году ў вёсцы Пудзіна (Наваградзкі раён).
Ён, ці не адзін з першых у пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу “Па дарагіх мясцінах” (Мн., 1964), дзе дзяліўся вопытам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна.
Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках у школе. Вывучаючы жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-землякоў, ён з вучнямі на роварах і пеша абыйшоў, аб’ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, літаратурныя Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Наваградчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, якія тады яшчэ жылі, але і займаўся зборам вуснай народнай творчасці.

1960 год
У 1955 годзе ў Валеўскай сярэдняй школе быў створаны краязнаўчы музей. Спачатку ў ім былі тры аддзелы: гісторыі, этнаграфіі і прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей чацвёртым аддзелам – літаратурным. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 – арыгінальных. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты, асабліва ў свой літаратурны аддзел. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з “Хронікай Быхаўца”, з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца”, друкарнямі Марціна Кухты і “Нашай нівы”. Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура кнігамі Б.Тарашкевіча, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, К.Буйлы, В.Таўлая, М.Танка, М.Васілька, Н.Тарас, газетамі і часопісамі той пары, фотаздымкамі беларускіх літаратараў, каштоўнымі дакументамі і кнігамі А.Міцкевіча, Г.Сянкевіча, М.Рылеева, І. Катлярэўскага, С.Нерыс і іншымі асобамі, лёс якіх непасрэдна быў звязаны з Наваградчынай.
У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдае сваю новую кнігу “Шляхамі паэтаў і герояў”. Гэта было дапоўненае выданне, дзе аўтар цікава расказваў пра школьны літаратурны гурток, пра музей, апісваў паходы вучняў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і герояў беларускага народа, аўтар дзяліўся шматгадовым вопытам выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры. Пра кнігі настаўніка з Валеўкі пісалі Аляксей Пяткевіч, Рыгор Шкраба, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Вера Ляшук, Сцяпан Александровіч і многія іншыя вядомыя асобы.
Чалавек, жывучы ў глыбінцы, дзеля беларускай справы працаваў даволі сур’ёзна і актыўна. Да яго звярталіся па дапамогу і параду навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, архівісты і літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Украіны. Уладзімір Урбановіч вёў вялікую перапіску, тысячы пісем ад вялікіх людзей, на жаль, згубіліся, але і шмат захавалася ў беларускіх архівах і музеях, у прыватных сховішчах. Уладзімір Урбановіч сябраваў амаль з усімі дзеячамі беларускай культуры і пісьменнікамі. У яго доме і ў школе ў Валеўцы шмат разоў пабывалі Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Генадзь Каханоўскі, Уладзімір Калеснік, Ігар Лучанок, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган, сваякі Якуба Коласа і Адама Міцкевіча і сотні іншых вядомых нам асобаў. Ён заўсёды знаёміў гасцей з Валеўкай, школьным музеем і вядома ж завозіў іх на Свіцязь, дзе вяліся шчырыя гутаркі пра Беларусь, родную мову і культуру…
За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урбановіч быў унагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком “Выдатнік народнай асветы”. Ён так пры жыцці і не адрымаў звання „Заслужны работнік культуры” ці „Заслужаны настаўнік Беларусі”. І толькі пасля смерці (памёр 2 лютага 1999 года ў Валеўцы, дзе і пахаваны), яго пасмяротна занеслі ў Кнігу Славы Наваградскага раёна.
