
30 гадоў таму – 10 лютага 1994 году – у Гародні пасьля зьбіцьця невядомымі памёр Антон Сьцяпура, дзеяч беларускага руху, сябра БНФ. Нараджэнец в. Занюкі (Шчучынскі р-н). Пахаваны на могілках па прасьпекце Касманаўтаў.
Антон Сьцяпура быў сябрам Беларускага Народнага Фронта „Адраджэнне”, дэпутатам Гарадзенскага гарадскога савета, капітанам у адстаўцы. Гэта быў надзвычай зычлівы і добры чалавек, з выдатным пачуццём гумару, усмешка амаль не пакідала яго твар.
Невядомых, якія на яго напалі, міліцыя так і не знайшла. Некаторыя сябры Сьцяпуры меркавалі, што смерць Антона Сьцяпуры – гэта палітычнае забойства.
Светлай памяці Сяргей Зылькоў так успамінаў пра пачаткі супольнай дзейнасці на карысць Беларусі:
Патрыятычна настроеныя хлопцы першыя вывесілі на вуліцы Горкага бел-чырвона-белы сцяг. Гэта было вельмі цікава. Гэта быў першы выпадак у Гародні, калі вывесілі гэты сцяг. Праўда потым нас прымусілі яго зняць. Ён правісеў адзін дзень, потым яго знялі, потым хлопцы зноў яго павесілі, але потым зноў прыйшлося зняць.
