Інтарэс да так званых выбараў сярод насельніцтва настолькі нізкі, што мабілізацыяй электарату займаюцца практычна ўсе чыноўнікі вобласці. Падключана нават “цяжкая артылерыя”. Так агітаваць за выбары на поўнач Гарадзенскай вобласці 12 лютага паехаў сам “губернатор” Каранік.

Старшыня аблвыканкаму сустрэўся з “актывам” (чыноўнікамі і наменклатурай) ажно трох раёнаў – Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Сустрэча прайшла ў Смаргонскім доме культуры. Каранік параўноўваў “адзіны дзень галасавання” з традыцыяй ЗША, Расеі, Аўстраліі, хваліўся эканоміяй бюджэтных сродкаў і ўсяляк заклікаў прыходзіць на выбарчыя ўчасткі.