
У 2023 годзе Міністэрства юстыцыі правяло «кантрольныя мерапрыемствы» у дачыненьні да больш чым тысячы грамадзкіх абʼяднаньняў. Пра гэта паведаміў на выніковай калегіі 9 лютага ў Менску ведамства намесьнік міністра Алег Кот.
«Пісьмовыя папярэджаньні вынесены ў дачыненьні да 410 некамэрцыйных арганізацый, — цытуе чыноўніка прэс-служба ведамства. — На падставе пазоваў Міністэрства юстыцыі, пададзеных у суды, ліквідавана 11 палітычных партый, 107 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2 фонды».
Намесьнік міністра Мікалай Старавойтаў, гаворачы аб рэгуляваньні адвакацкай дзейнасьці, рыэлтарскіх паслуг і мэдыяцыі ў мінулым годзе, паведаміў, што камісія, якая адказвае за ліцэнзаваньні дзейнасьці па аказаньні юрыдычных паслуг, анулявала 1.180 спэцыяльных дазволаў «індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, якія не забясьпечылі <…> патрабаваньняў» і «якія не прадставілі інфармацыю аб забесьпячэньні захаваньня ліцэнзійных патрабаваньняў».
Летась ліквідавалі 12 палітычных партый — Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Абʼяднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).
У краіне засталіся праўладныя партыі — «Белая Русь», Лібэральна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.
