Дзяржаўнае прапагандысцкае агенства БелТА прывезла ў калісьці каралеўскае места ўласную фотавыставу «Суверэнная Беларусь», пакліканую прымусіць гарадзенцаў адчуць гонар за 30 з 33 год існавання незалежнай беларускай дзяржавы. Чаму абраны менавіта гэты адмежак часу, цягам якога краінай кіруе таварыш Лукашэнка, тлумачыць, здаецца, не трэба. Уся прапагандысцкая машына цягам апошніх 4 год прыкладае надзвычайныя намаганні, каб выцерці з памяці беларусаў любое нагадванне пра час хаця б умоўнай свабоды эканамічнага і палітычнага жыцця. Усе грамадзяне мусяць быць абсалютна перакананымі (прынамсі публічна) у непахіснасці і бязгрэшнасці існуючай улады цалком і кожнага яе прадстаўніка-шрубка паасобку. Таму рэтрансляцыя «безумоўных перавагаў» рэжымнага кіравання Беларуссю над усімі іншымі формамі і персаналіямі з боку адных грамадзянаў у вочы і вушы іншых — усяляк вітаецца, заахвочваецца, але часьцей проста імітуецца.

Рэпарцёр БелТА, апісваючы згаданую выставу, адкрытую 14 лютага ў адным з вядомых гандлёвых цэнтраў горада, апісвае прыязнасць з боку яе наведнікаў, іх энтузіазм і захапленне ад прапанаваных арганізатарамі фота «дасягненняў» Беларусі ў розных сферах жыццядзейнасці: сельскай гаспадарцы, прамысловасці, медыцыне, адукацыі, культуры, навуцы ды інш. Асаблівым цынізмам патыхае сказ пра развіццё Беларусі ў касмічнай сферы і паспяховую працу БелАЭС. Прапагандысты, на жаль, не ўдакладняюць, што паспела наразвіваць лукашэнкаўская Беларусь у Космасе пасля загубленых спадарожнікаў, і наколькі паспяхова, а галоўнае надзейна Астравецкая АЭС працуе ў перапынках паміж аварыйнымі адключэннямі.

Аднымі фота выстава не абмяжоўваецца. Як піша аўтар тэксту, кожны стэнд дапаўняюць нейкія «ёмістыя выразы» дзеля пацверджання фотавыяваў.

Адзін са стэндаў вяшчае: «Восем беларускіх ВНУ уваходзяць у рэйтынг лепшых вышэйшых установаў адукацыі краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Улічваючы, што дыпломы ўсіх гэтых неназваных, а роўна ж і астатніх беларускіх установаў наўрад ці прызнаюцца хоць бы якімі навучальнымі ўстановамі краінаў Еўропы, можна належна ацаніць праўдзівасць прыведзенай прапагандыстамі заявы. Тым больш, што не толькі ВНУ, але і сам рэйтынг не названы і ніякім чынам не пазначаныя. Аўтарамі заявы прапануецца верыць ім на слова. Але мы ўсё ж праверылі і высветлілі, што гаворка вядзецца пра рэйтынг брытанскай агенцыі Quacquarelli Symonds з 450 ВНУ краінаў Еўропы, якія яшчэ развіваюцца, і краінаў Цэнтральнай Азіі. Беларускія ВНУ – БДУ, БНТУ, БДУІР, Бел-Рос універсітэт, ГрДУ імя Я.Купалы, БДТУ, ГДУ імя Ф.Скарыны і ВДУ імя П.Машэрава — сапраўды трапілі ў гэты рэйтынг у 2022 годзе.

На тле здымкаў адноўленых гісторыка-архітэктурных адметнасцяў нашай краіны аўтары выставы змясцілі статыстычныя дадзеныя пра 5600 аб’ектаў, якія былі ўключаныя за 30 год у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Але прапагандысты сарамліва абмінулі ўвагай колькасць знішчаных за гэты ж час нацыянальных каштоўнасцяў праз безгаспадарлівасць, халатнасць і карупцыю ды іншыя злачынствы. Дастаткова ўзгадаць, напрыклад, старую электрастанцыю, фабрыкі алоўкаў, матацыклаў, гарбарню і дзясяткі іншых знішчаных гістарычных будынкаў у той жа Гародні.

Аднак галоўнай разынкай артыкула, зразумела, з’яўляецца водгук непасрэдных наведнікаў фотавыставы. Калі меркаваць па фотаздымках да артыкула, то колькасць людзей, якія аглядалі выставу ў дзень адкрыцця 14 лютага ў адным з буйнейшы гандлёвых цэнтраў Гародні, шчыра кажучы, не ўражвае. Калі задачай прапагандыстаў была спроба давесці зацікаўленасць жыхароў горада фотавыставай пра «дасягненні Беларусі», варта было шукаць больш пераканаўчыя кадры з вялікай колькасцю аглядальнікаў. Але маем толькі фота з адзінкавымі наведнікамі.

Таксама тэкст артыкула ўтрымлівае выказванні аглядальнікаў выставы, якімі яны нібы падзяліліся ці то з арганізатарамі, ці то з самім рэпарцёрам. Асобных фота наведнікаў якія дзеляцца сваімі водгукамі, у ілюстратыўных здымках не заўважана. Таму, хоць аўтар тэксту і называе імёны і прозвішчы нейкіх людзей, а нават месцы іх працы ці вучобы, цытаты нельга бясспрэчна прывязаць ні да аднаго з фота, што выклікае пэўныя сумневы ў даставернасці і наагул у самім выказванні гэтымі людзьмі прыведзеных цытатаў.

Сумневы толькі ўзмацняюцца пры прачытанні цытаваных выразаў. Студэнтка з аграрнага ўніверсітэта Наталля Мазан з цікаўнасцю разглядае на фотавыставе кадры з Алекшыцаў, куды, выключна паводле выпадковага збегу абставінаў, яна збіраецца ехаць на працу. Яе маці з захапленнем разглядае здымкі з «засакрэчанага аб’екту» БелАЭС і сцвярджае, што за апошнія 5 год у Беларусі «ажыццявілі вялікі скачок у ІТ-сферы». Цікава, гэта адбылося да таго, як з краіны рэлакаваліся, бадай, усе ІТ-кампаніі і паўцякалі амаль усе айцішнікі, ці ўжо пасля таго? Хацелася б удакладніць у спадарыні наконт велічыні і глыбіні скачку, каб і нам таксама адчуць той гонар, які адчувае яна.

Магістрант-гісторык з ГрДУ Арсеній Сідаркевіч адзначыў, што «такія выставы падкрэсліваюць яшчэ і важнасць гістарычнай праўды. Тут цэлы блок прысвечаны нашай гісторыі і яе захаванню. А гістарычная праўда, яна ж на баку беларускага народа». Падаецца, з такімі словамі немагчыма спрачацца, але могуць быць нюансы ў інтэрпрэтацыі некаторых паняткаў.

Аляксандр і Таццяна Казырэнкі, якія вырашылі агледзець прадстаўленыя БелТА фота, таксама адзначылі спагадлівымі словамі «гістарычны блок» гэтай выставы, прадэманстраваўшы свае веды ў лакальнай ваеннай гісторыі горада: «Асабліва прыемна было убачыць на адным з фотаздымкаў нашу мясцовую легенду — Валянціну Пятроўну Баранаву, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны». Безумоўна, усе маладыя сужонкі ў Гародні ў дзень закаханых шукаюць на фотавыставах у гандлёвых цэнтрах інфармацыю пра ветэранаў сусветных войнаў, што тут можа падацца непраўдападобным?