
66-гадовы экс-старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца зараз у зняволенні ў гарадзенскай турме.
«Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў гарадзенскай турме. Па апошняй інфармацыі ў камеры адзін. Скардзіцца на здароўе. Кажа, што апошнія два месяцы ў «Воўчых норах» былі вельмі цяжкімі. Доўгі этап у Гародню таксама падкасіў здароўе…», — напісаў у фэйсбуку ягоны зяць Дзмітрый Антончык.
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе паводле артыкулу 357 КК «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Пазней яго засудзілі да 10 гадоў калоніі. У лістападзе стала вядома, што палітзняволенага змясцілі на 6 месяцаў у памяшканне крытага тыпу, а потым перавялі ў гарадзенскую турму.
У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
