У Беларусі скарэктавалі больш 200 адміністрацыйных працэдураў. Некаторыя з іх скасавалі, а некаторыя аб’ядналі. 16 лютага быў падпісаны адпаведны ўказ №55.

Аб’ядноўваецца ў адну працэдуру выдача некалькіх даведак аб займаным у дадзеным населеным пункце жылым памяшканні, месцы жыхарства і складзе сям’і.

Скарачаецца колькасць прадастаўляемых дакументаў па асобных працэдурах. Прыкладам, пры выдачы дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху больш не патрабуюцца пасведчанне кіроўцы і страхавое пасведчанне.

Акрамя таго пры рэгістрацыі дагавора арэнды прыватнага жылога памяшкання будзе не патрэбны асобны дакумент, які пацвярджае пісьмовую згоду іншых уласнікаў (калі здаецца жылое памяшканне, якое знаходзіцца ў агульнай уласнасці, адпаведныя адзнакі праставяць на заяве).

Таксама змяншаюцца тэрміны выдачы даведак аб знаходжанні ў дэкрэтным адпачынку (з 5 да 3 рабочых дзён) і рэгістрацыі транспартных сродкаў у ДАІ (з 10 да 7 рабочых дзён).

Указам павялічваюцца тэрміны дзеяння выдаваных пасведчанняў кіроўцы (з 10 да 20 гадоў) і дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху аўтамабіляў, з года выпуску якіх прайшло менш за 3 гады (да 3 гадоў).

Указ уваходзіць у юрыдычную сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.