Карэліцкая раённая газета “Полымя” на апошнім тыдні пахвалілася дзвюмя рэчамі. Першая – гэта 80-гадоў самой раёнцы. Рупар дзяржаўнай прапаганды паспяхова транслюе ўсе дзяржаўныя наратывы, ні на градус не адхіляючыся ад “правільнага курсу”.

Другі поспех, якім цешыцца “Полымя” – гэта развіццё структуры БРСМ. Пра яе рост расказала першы сакратар Карэліцкага РК ГА «БРСМ» Аксіння Ждан (на фота). У арганізацыю камсамольцаў загналі і запісалі ўжо 819 чалавек, што складае амаль траціну ад агульнай колькасці маладзёнаў Карэліцкага раёну. Трэба меркаваць, што стаіць план істотна падвысіць гэты паказнік.

Цікава, як камсамольская сакратар разумее сутнасць і галоўнае заданне “грамадскай” арганізацыі. Ждан гаворыць:

Трымаем руку на пульсе палітычнага і грамадскага жыцця. Ніводнае дзяржаўнае свята не абыходзіцца без нашага ўдзелу: Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень Канстытуцыі, Дзень абаронцаў Айчыны — усюды моладзь у першых радах. Хутка ў Беларусі ўпершыню пройдзе адзіны дзень галасавання. Наша моладзь арганізоўвае пікеты, вылучае сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, у якасці назіральнікаў на выбарчых участках. Рэалізуем акцыю «Выбіраем разам» па раздачы лістовак з запрашэннем прыняць удзел у адзіным дні галасавання.