
Ля Управы Падляшскага ваяводства 19 лютага адбылася акцыя, накіраваная на тое, каб чарговы раз прыцягнуць увагу польскіх уладаў да вострай праблемы палітвязняў у Беларусі і прапанаваць ім разгледзець магчымасць ультыматуму рэжыму Лукашэнкі.

На думку арганізатараў акцыі, патрабаванне да рэжыму Лукашэнкі можа быць толькі такім: вызваленне ўсіх палітвязняў, альбо спыненне чыгуначнага руху праз беларуска-польскую мяжу грузавых цягнікоў.
Вядома, што праз польскую чыгунку з тэрыторыі Беларусі ідзе большасць тавараў з Расеі і Кітая, таму спыненне руху было б сапраўды значным і адчувальным абмежаваннем. Арганізатары акцыі падкрэслівалі, што жыццё і здароўе тысяч беларускіх палітвязняў вартае такіх палітычных крокаў.
Зварот з ультыматумам быў перададзены Ваяводу Яцаку Бжазоўскаму.
Ваявода абяцаў перадаць зварот Міністру замежных спраў Польшчы. “Нашы дзверы заўсёды адкрыты для беларусаў”,- словы ваяводы на развітанне.

Беларускае Радыё Рацыя
