
Напярэдадні датэрміновага галасавання ў Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылася так званая “диалоговая площадка «ЗАчётный разговор”. Рэктар універсітэту Ігар Жук і старшыня Гарадзенскага абласнога савету дэпутатаў ранейшага склікання Алена Пасюта ўзмоцнена пераконвалі студэентаў у патрэбе аддаць свой голас туды, куды трэба.
Алена Пасюта – адна з трох высокапастаўленых чыноўніцаў вобласці (пасля Караніка і Караева), якая практычна не знікае апошнія два гады з дзяржаўнага медыйнага поля. Няма сумневу, што яна зноў будзе “абраная” у абласны савет і напэўна зноў яго ўзначаліць. У той жа абласны савет балатуецца і рэктар Ігар Жук. Таму правядзенне такой агітацыйнай сустрэчы ва ўстанове, дзе ён ёсць галоўным начальнікам, ёсць дакладна выкарыстаннем службовага становішча, а значыць – парушэннем выбарчага заканадаўства.
