21 лютага суд Еўразвязу ў Люксембургу адхіліў пазоў ААТ «Гродна Азот» і ягонага філіяла «Хімвалакно» з патрабаваннем адмяніць санкцыі Еўразвязу. Пазоў беларускія кампаніі падалі 2 сакавіка 2022 года, паведамляе Deutsche Welle.

Суд Еўразвязу пастанавіў, што Рада ЕЗ мела рацыю ў сваіх ацэнках важнага і стратэгічнага становішча ААТ «Гродна Азот» у беларускай эканоміцы, яго статусу дзяржаўнай кампаніі, а таксама таго факту, што «Гродна Азот» падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, уяўляючы сабой крыніцу істотных даходаў.

Адпаведна, Суд ЕЗ палічыў, што санкцыі супраць беларускіх кампаній былі ўведзеныя правамерна і пакінуў іх у сіле.

ААТ «Гродна Азот» і ягоны філіял «Хімвалакно» трапілі ў пяты санкцыйны пакет ЕЗ супраць Беларусі ў снежні 2021 года. У санкцыйным спісе тады фігуравалі 17 фізічных і 11 юрыдычных асоб, сярод якіх прадстаўнікі камандавання памежных войскаў Беларусі, супрацоўнікі МЗС і судовай сістэмы, дзяржаўны авіяперавозчык «Белавія», прадпрыемствы турыстычнага сектара і гатэлі, а таксама вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта».