Увечары 24 лютага ў Беластоку прайшла супольная акцыя беларусаў, украінцаў і палякаў, прымеркаваная да другіх угодкаў адкрытага ваеннага нападу пуцінскай Расеі на Украіну. Акцыя салідарнасці сабрала каля паўтысячы чалавек, удзел у арганізацыі мітынгу ўзялі і гарадскія ўлады. Выступілі беларускія і ўкраінскія грамадскія актывісты, а таксама Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі і намеснік прэзідэнта Беластока Збігнеў Нікітаровіч, якія запэўнілі ў падтрымцы ўцекачоў з Украіны і Беларусі на фоне вайны і палітычнага крызісу.