
Беларускі пісьменьнік, перакладнік Сяргей Дарожны (сапраўднае прозвішча Серада) нарадзіўся ў Слоніме 25 лютага 1909 года. Паходзіў з сям’і вайскоўца. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку забралі на фронт, адкуль ён ужо не вярнуўся. А маці Сяргея з чатырма дзецьмі была эвакуявана ажно ў расійскі Варонеж. Дамоў вярнуліся толькі ў 1918 годзе. Але вярнуліся не ў Слонім, а ў вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Маці было цяжка адной гадаваць дзяцей, таму Сяргея, Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы. “Мама нам не дапамагала, бо сама хадзіла па вёсках і жабравала”, – пісала літаратуразнаўцу Сяргею Чыгрыну ў лісце 17 ліпеня 1989 года Надзея Юшкевіч – родная сястра Сяргея Дарожнага. У 1924 годзе Сяргей скончыў сямігодку і паступіў ў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

У адзін з дзён 1925 года Сяргей Серада прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчыкам літаратурнага аддзела газеты быў тады Кузьма Чорны, які папрасіў юнака пачытаць яму свае радкі. Прачытаныя вершы Чорнаму вельмі спадабаліся, сама лепшыя паэтычныя творы маладога паэта ён неўзабаве апублікаваў. З той пары вершы Сяргея Дарожнага рэгулярна пачалі з’яўляцца ў перыядычным друку. на яго словы пісалася музыка і гучалі песні. У 1926 годзе ён стаў сябрам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а потым – “Узвышша”. Калі паэту споўнілася 17 гадоў, ён (у суаўтарстве з родным братам Змітрака Бядулі – Ізраілем Плаўнікам) адным з першых сярод сваіх аднакурснікаў выдаў свой паэтычны зборнік “Звон вясны”. Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929) і “Пракосы на памяць” (1932).
Найбольш за ўсё талент Сяргея Дарожнага раскрыўся ў лірыцы. Сам ён вельмі карыстаўся папулярнасцю ў дзяўчат. У адным з лістоў пісьменнік Павел Пруднікаў пісаў: “Сяргей Дарожны быў прыгожы, чарнабровы і чорнавалосы, высокі юнак. Заўсёды быў акуратна апрануты. Насіў белую сарочку з накрухмаленым каўнерыкам і чорны гальштук. Ніколі не хваліўся сваімі поспехамі. Любіў і цаніў сяброўства. Аднойчы на шклозаводзе ў Барысаве мы наладзілі літаратурны вечар. Былі я, Сяргей Дарожны, Мікола Нікановіч, Клім Грыневіч, Віктар Казлоўскі, Змітрок Астапенка. Калі ў заключэнні вечарыны выступіў наш галоўнакамандуючы – Сяргей Дарожны – і прачытаў свой верш “Белымі пялёсткамі”, зала грымела. Апладысменты не змаўкалі, яго прасілі чытаць і чытаць”.
Рыхтаваўся да друку і чацвёрты зборнік вершаў паэта са Слоніма, але выйсці не паспеў. У жніўні 1936 года Сяргей Дарожны жыў у Мінску. Яго арыштавалі органы НКВД. І, як “члена антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі” засудзілі да 8 гадоў канцлагера. Сяргея Дарожнага адправілі на Далёкі Усход будаваць Камсамольск-на-Амуры. 19 ліпеня 1943 года ў Ніжне-Амурскім ГУЛАГу паэт загінуў. Сяргей Дарожны назаўсёды застаўся 34-гадовым у далёкай расійскай глыбінцы. Рэабілітавалі паэта ў канцы 1954 года. А ў 1966 годзе выйшаў невялікі зборнічак “Выбраных вершаў”. Па-ранейшаму яго паэтычная творчасць знаходзіцца пад “рэпрэсіямі” і не сабрана ў асобны том, хоць напісана ім было шмат. Асабовая справа паэта № 9935-С знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі.
