Аляксей Логвін (злева) з сябрам

Беларускі грамадскі актывіст Аляксей Логвін нарадзіўся 26 лютага 1934 года ў вёсцы Збляны (Лідскі раён). У 1939 г. годзе бацька купіў зямлю і сям’я перабралася ў Фалькавічы, дзе Аляксей скончыў пачатковую школу. У 1947 г. паехаў вучыцца ў Ліду. У верасні 1950 г. вучань 7 класа «чыгуначнай школы», далучыўся да антысавецкай Лідскай моладзевай падпольнай арганізацыі, якой кіраваў Іван Салдаценкаў. Да арганізацыі Логвіна далучыў Сазонт Мазурок, перасяленец з Польшчы. Спачатку асноўнай мэтай было выхаванне моладзі ў антысталінскім духу, а пазней на мэце стала скіданне савецкай улады, усталяванне шматпартыйнай сістэмы, абвяшчэнне дэмакратычных свабодаў і іншае. У 1950 г. Логвін перавёўся ў СШ № 3 для пашырэння арганізацыі. Далучыў да яе Аляксандра Рудзяка, Хведара Сягла і Міхаіла Лапко.

У траўні 1951 г. арганізацыя была раскрытая органамі МГБ. Аляксей Логвін быў арыштаваны 29 красавіка. Зрабілі ператрус у яго памяшканні і знайшлі арганізацыйны шыфр. Быў перавезены ў Баранавічы, следства вяла чыгуначная ўправа МГБ. Падчас следства Логвіна не білі, бо ён рашаў задачы следчаму Боеву, які вучыўся ў вячэрняй школе. Следчы прыпісаў, нібыта Логвін спрабаваў купіць зброю ў Аляксея Баярчыка, жыхара в. Фалькавічы. Потым утрымліваўся ў гродзенскай турме, бо судовы працэс па «справе Салдаценкава» адбываўся ў Гродне. Як непаўналетняму першы прысуд – 6 гадоў за антысавецкую агітацыю, але пракурор Драгун абскардзіў прысуд. Другі раз ужо ваенны трыбунал 24 кастрычніка 1951 г. засудзіў Логвіна па артыкуле «здрада радзіме» і «арганізацыйная дзейнасць» на 10 гадоў канцлагераў. Спярша быў у Поцьме ў Мардовіі – лагер для непаўналетніх, дзе можна было пісаць адзін ліст на паўгода. Пазней пераведзены ў Варкуту, дзе працаваў на шахтах, а пасля ў Джэзказган. У спецлагерах, дзе ўтрымліваўся Логвін, сядзелі амаль адны палітвязні. Можна было атрымаць або напісаць два лісты ў год, а ахова лютавала: пры малейшым здарэнні страляла з вышак з кулямётаў наўпрост па бараках. Аляксей працаваў на лесапавале, у Омску на падземных работах, «дзёўб вечную мерзлату». Там моцна захварэў, яму зрабілі аперацыю. Пайшоў на папраўку 5 сакавіка 1953 г., калі памёр Сталін – у той дзень у лагеры было вялікае свята. Пасля выхаду з шпіталя пераведзены ў Камышлаг пад Омскам на будаўніцтва нафтаперапрацоўчага заводу. Там праз тыдзень знясільваючай працы пад зямлёй ужо не мог хадзіць, за што адбыў у карцары ў 1954 г. 55 сутак.

Вызвалены 20 снежня 1954 г. па амністыі: з 10 гадоў адсядзеў 3 гады і 7 месяцаў. У войска як «вораг народу» не быў забраны, але адправілі на два гады ў Данбас на будоўлю. Пасля застаўся там на некаторы час, бо меў добрую працу. Скончыў школу, паступіў у Новачаркаскую політэхнічную вучэльню, але не давучыўся. У 1959 г. вярнуўся ў Ліду. На пачатку 1960-х Логвін ажаніўся з Марыяй Ненартовіч. Нарадзілася двое сыноў. Па стане здароўя перайшоў працаваць у гандаль. У 1965 г. трапіў пад кампанію па барацьбе з хабарнікамі і быў засуджаны на 10 гадоў, якія адбыў цалком. Пасля працаваў на чыгунцы. Захапляўся шахматамі (навучыўся гуляць у гродзенскай турме), стаў кандыдатам у майстры спорту. У 1979 г. быў рэабілітаваны. Выйшаў на пенсію ў 1994 г. Як грамадскі актывіст браў удзел у парламенцкіх выбарах 1995 года. Аўтар успамінаў «Супраць “мудрага правадыра”», якія былі запісаныя Алесем Смаленчуком у снежні 2003 г.

Памёр Аляксей Логвін 12 студзеня 2024 года ў Лідзе, пахаваны на лідскіх могілках Зосіна.