Вайскоўцы Гарадзенскай пагрангрупы сумесна з супрацоўнікамі міліцыі затрымалі траіх грамадзян Беларусі, якія напалі на пагранічніка пры выкананні ім службовых абавязкаў, паведамляе ДПК.

Інцыдэнт адбыўся 10 лютага. Гарадзенскі пагранічнік выявіў траіх невядомых у пагранзоне. Мужчыны спрабавалі запусціць дрон, з якой мэтай, не паведамляецца.

Магчыма, гэта былі кантрабандысты, якія перакідвалі цыгарэты ў Польшчу. У тых краях гэта тыповая з’ява.

Патрабаванню памежніка яны не падпарадкаваліся, «напалі на памежніка», а затым з’ехалі.

14 лютага асобны спецыялізаваны батальён «Дэльта» ДАІ з АМАПам на трасе М-6 затрымалі двух суўдзельнікаў інцыдэнту.

Затым супрацоўнікі пагранічнай службы ў вёсцы Васілевічы Гарадзенскага раёна выявілі і трэцяга падазраванага. 

Распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).

На карысць той версіі, што ў гісторыі няма палітычнага ці шпіёнскага складніку, той факт, што толькі адзін з затрыманых знаходзіцца ў СІЗА турмы №1 Гародні. Іншыя двое дома пад падпіскай аб нявыездзе. Ім усім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
https://nashaniva.com/337341