Увечары 26 лютага ў Беластоку ля помніка Ежы Папялушку, што ў гарадскім парку, прайшла чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі ў Беларусі. Гэта ўжо 33-я такая акцыя. На яе сабралася разам з журналістамі каля 40 чалавек, пераважна беларускіх і польскіх грамадскіх актывістаў. На акцыю ўпершыню прыйшоў і новы ваявода Падляшскага ваяводства Яцак Бжазоўскі. Ён выказаў сваю падзяку прысутным і заклікаў да салідарнасці.

Выступілі таксама Марак Занеўскі, Ян Роман, Сяргей Верамеенка, Анна Кетліньска.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” — разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута звінавацілі ў “распальванні варажнечы па нацыяльнай прыкмеце”. Таксама яго звінавацілі ў закліках да санкцый. Палітвязень ужо 35 месяцаў за кратамі. Інфармацыі пра яго амаль ніякай не даходзіць.