
Расейскія прапагандысцкія каналы распаўсюджваюць відэа, на якім вайскоўцы расейскай арміі, што ваююць ва Украіне, дзякуюць за дапамогу беларускім праваслаўным манастырам, заўважыў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга».
«Выказваем вялікую падзяку матушцы Гаўрыіле за адпраўленую гуманітарную дапамогу, прыхаджанам манастыроў Гродзенскага, Навагрудскага, Жыровіцкага. У асобе ігуменні нас падтрымлівае ўся праваслаўная Беларусь», — зачытвае на камеру тэкст з паперкі адзін з чатырох байцоў расейскіх падраздзяленняў, з цяжкасцю разбіраючы і блытаючы відавочна незнаёмыя яму беларускія назвы.
Сярод рэчаў, якія ўваходзяць у гуманітарную дапамогу, салдат пералічвае плашчы, дажджавікі, салодкія падарункі і іконы.
Трэба адзначыць, што ў Гарадзенскім Свята-Раства-Багародзіцкім жаночым манастыры, якім ужо больш за 30 гадоў кіруе ігумення Гаўрыіла, свайго ўдзелу ў дапамозе расейскім вайскоўцам ніколі не хавалі. А вось таксама згаданыя Наваградскі (Лаўрышаўскі) і Жыровіцкі манастыры раней сваёй актыўнай падтрымкі расейскай агрэсіі ва Украіне, прынамсі адкрыта, здаецца, не афішавалі.
https://nashaniva.com/337482
