
Мужчына прыехаў на таксі да генконсульства Расеі ў Гародні. Ён паклаў ля плота консульства фота памерлага ў ПК Аляксея Навальнага і дзве гваздзікі. Таксама ён зрабіў фота. У гэты час ля консульства дзяжурыла міліцыя. Мужчыну затрымалі і судзілі за пікетаванне. Рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў. Прозвішчы і дакладныя даты невядомыя, піша Hrodna.life.
Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёна 20 лютага паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Мужчына нібыта парушыў закон «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі пікетаваў без дазволу Гарадзенскага гарвыканкаму.
Яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Мужчына прызнаў віну.
Дакладна невядома, усклаў кветкі беларус ці расеец. Яго асабістыя звесткі, узрост і месца нараджэння ананімізаваныя. Вядома, што ў яго сярэдняя адукацыя, ён жанаты, не працуе, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся. Пражывае ў Расеі.
