
У Смаргоні затрымалі мужчыну, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку крамы.
Інцыдэнт, як сцвярджаецца, адбыўся 27 лютага.
Паведамляецца, што затрыманым аказаўся 35-гадовы мясцовы жыхар. У дачыненні да яго заведзеная крымінальная справа.
Гэта чарговы выпадак, калі ў Гарадзенскай вобласці пераследуюць за “знявагу” чырвона-зялёнай сімволікі. Прыпомнім тут некаторыя ранейшыя справы:
27 верасня 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Гародні засудзілі Сяргея Змітровіча паводле артыкулу 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суддзя Алена Пятрова прызначыла яму тры месяцы арышту. Сяргея звінавацілі ў тым, што ён 25 чэрвеня ноччу пасля ўжывання алкаголю з сябрамі сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка інтэрната ў Гародні і забраў яго з сабою, пасля чаго выкінуў сцяг на вуліцы недалёка ад будынку.
У судзе Астравецкага раёна 16 сакавіка 2023 году засудзілі Паўла Дубава паводле арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітрый Багдановіч прызначыў Паўлу адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дубаў зрабіў каментар у сацсетках на беларускай мове, у якім патлумачыў, што “наш сцяг бела-чырвона-белы”, а цяперашні дзяржаўны назваў “усход сонца над балотам”.
У судзе Ленінскага раёна Гародні 6 кастрычніка 2022 году быў абвешчаны прысуд Паўлу Клапатку, звінавачанаму ў абразе і паклёпе на Лукашэнку, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. Справу разглядаў суддзя Генадзь Мазайла. Павел Клапаток у снежні 2020 года размясціў у сваім акаўнце сацсеткі Одноклассники лічбавую выяву з спалучэннем чырвонага фону і свастыкі зялёнага колеру з арнаментам. Агулам яго засудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
23 верасня ў судзе Ленінскага раён Гародні судзілі Дзмітрыя Янушкевіча. Яго звінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: Знявага дзяржаўных сімвалаў і знявага Лукашэнкі. Вяла карны працэс вядомая суддзя Наталля Козел. У выніку яна прысудзіла Янушкевічу 1 год калоніі строгага рэжыму. Янушкевіча затрымалі за каментары на адрас Лукашэнкі і дзяржаўнага сцяга ў сацыяльнай сетцы Одноклассники.
5 верасня 2022 суд Ваўкавыскага раёна ў асобе Мікалая Сяргейкі прызнаў работніка ААТ “Беллакт”, грамадскага актывіста Юрыя Піваварчыка вінаватым і прызначыў яму пакаранне абмежаваннем волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) тэрмінам на адзін год. Судзілі яго за малюнак у інтэрнэце.
