
Прапануем вашай увазе краязнаўчы рэгіянальны каляндар на сакавік 2024 году.
3 сакавіка
Сусьветны дзень пісьменьніка
15 гадоў таму (2009) – У г. Гораў Вялікапольскі, Польшча), памёр Вітольд Карпыза, польскі краязнавец, дасьледнік гістарычнай Ваўкавышчыны. Нараджэнец в. Зіняўцы (Ваўкавыскі р-н).

4 сакавіка
540 гадоў таму (1484) – У Гародні памёр Казімір, сын вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрон Гарадзенскага біскупства. Пахаваны ў віленскім катэдральным саборы (капліца Сьв. Казіміра). Кананізаваны ў 1521. Дзень Сьвятога Казіміра.

150 гадоў таму (1874) – У в. Вётхава (Смаргонскі р-н) нарадзіўся Павел Южык, беларускі мастак, педагог.
20 гадоў таму (2004) – У Вэльпэне пад Парыжам памёр Міхась Навумовіч, дзеяч беларускай эміграцыі (Францыя), сябра Рады БНР. Нараджэнец Наваградчыны.

6 сакавіка
25 гадоў таму (1999) – У Вільні памёр Міхаіл Петрыкевіч, беларускі краязнавец, музеязнавец, педагог. Нараджэнец в. Падкасоўе (Наваградзкі р-н). Пахаваны на могілках Карвялішкес ля Вільні.

8 сакавіка
210 гадоў таму (1814) – Памёр Юзаф Несялоўскі (нар. у 1728 г.), апошні наваградзкі ваявода, удзельнік паўстаньня 1794. Меў родавы маёнтак у Варончы, пахаваны ў крыпце мясцовага касьцёлу.
35 гадоў таму (1989) – Памёр Мікола Ягаўдзік, беларускі вайсковец, дзеяч беларускай эміграцыі (Бельгія, ЗША). Нараджэнец Слонімшчыны.
9 сакавіка
365 гадоў таму (1659) – Маскоўскі гарнізон у Гародні разам з ваяводам здаўся войску гетмана Паўла Сапегі.
10 сакавіка
135 гадоў таму (1889) – У Гародні нарадзіўся Уладзімір Пігулеўскі, беларускі грамадзкі дзеяч, пісьменьнік.

60 гадоў таму (1964) – У Рэплі (Ваўкавыскі р-н) памёр Юльян Бароўка, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, працаваў у Гародні, у 1923 г. служыў у Барунах, з 1937 г. у Рэплі.
12 сакавіка
135 гадоў таму (1889) – У Гаркавічах (Сакольскі пав., Беласточчына) нарадзіўся Аляксей Кішкель, беларускі педагог, выкладнік Клецкай беларускай гімназіі. Жыў і працаваў у Квасоўцы і Гародні. Памёр у 1969 г. у Гародні, пахаваны на Занёманскіх могілках.
13 сакавіка
90 гадоў таму (1934) – У в. Стральцы (Гарадзенскі р-н) нарадзілася Аўгіньня Кавалюк, паэтка, перакладчыца. Жыла і працавала ў Латвіі, Санкт-Пецярбургу.
15 сакавіка
Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
135 гадоў таму (1889) – На Віленшчыне нарадзіўся Павал Пякарскі, беларускі каталіцкі сьвятар. У 1925-32 гг. служыў пробашчам у Жупранах, быў кіраўніком Ашмянскага дэканату.
30 гадоў таму (1994) – У Менску на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
16 сакавіка
105 гадоў таму (1919) – У Гародні выйшаў першы нумар газэты “Бацькаўшчына” (выдавалася да 28 сак.).
80 гадоў таму (1944) – У в. Вётхава (Смаргонскі р-н) памёр Павел Южык, беларускі мастак, педагог.
17 сакавіка
25 гадоў таму (1999) – У Менску памёр Міхась Біч, беларускі гісторык. Нараджэнец в. Мілявічы (Мастоўскі р-н).
18 сакавіка
130 гадоў таму (1894) – У в. Барані (Астравецкі р-н) нарадзіўся Альбін Стаповіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, кампазітар, музычны педагог, публіцыст.

40 гадоў таму (1984) – У Слоніме памёр Іосіф Вількоўскі (Язэп Вількоўшчык), беларускі паэт і публіцыст. Пахаваны ў Слоніме.

19 сакавіка
425 гадоў таму (1599) – У г. Пасаў (Германія) памёр Станіслаў Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў Нягневічамі ў Наваградзкім пав.
50 гадоў таму (1974) – У Солах (Смургонскі р-н) памёр Эдуард Сташкевіч, удзельнік беларускага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смургонях у 1949-50 гг. Пахаваны ў Солах.
20 сакавіка
215 гадоў таму (1809) – У Гародні памерла Саламея Дэшнер (нар. у Беластоку ў 1759 г.), тэатральная акторка. З 1794 г. жыла ў Гародні, дзе ў 1802 г. стварыла першы пастаянны тэатр, якім кіравала да канца жыцьця.

21 сакавіка
Сусьветны дзень паэзіі
Міжнародны дзень лясоў
175 гадоў таму (1849) – У Вільні ў турме, засуджаны да 20 гадоў катаргі за перавоз нелегальнай літаратуры, памёр Аляксандар Незабытоўскі, беларуска-польскі пісьменьнік, філосаф, гісторык. Нараджэнец Наваградчыны.
10 гадоў таму (2014) – Памёр Анатоль Кулеш, беларускі краязнавец, географ.

22 сакавіка
Сусьветны дзень водных рэсурсаў
160 гадоў таму (1864) – У Вільні на Лукіскім пляцы павешаны Кастусь Каліноўскі, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Магіла была паблізу сёньняшняй вежы Гедыміна. Перапахаваны ў ліку іншых у капліцы на могілках Росы.

23 сакавіка
125 гадоў таму (1899) – У Жалудку (Шчучынскі р-н) нарадзілася Вольга Галіна (дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская), беларуская акторка, педагог.

100 гадоў таму (1924) – У в. Яманты (Лідзкі р-н) нарадзіўся Сяргей Карабач, беларускі грамадзкі актывіст Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні, лекар.
24 сакавіка
230 гадоў таму (1794) – Пачалося вызвольнае паўстаньне на чале з Тадэвушам Касьцюшкам.

25 сакавіка
Абвяшчэньне Трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень Волі.
27 сакавіка
Сусьветны дзень тэатра
125 гадоў таму (1899) – У в. Малая Бераставіца (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Аляксей Васіленя, грамадзка-палітычны дзеяч, у другую сусьветную вайну кіраўнік Беларускай Народнай Самапомачы ў Слоніме, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія).
31 сакавіка
Вялікдзень па календары каталіцкай канфесіі
