
У Лідзе 1 сакавіка раздалі пасведчанні “дэпутатам” раённага савету. Адбылася першая сесія савету 29-га склікання. Чыноўнікі падвялі вынікі галасавання. Пры галасаванні ў райсавет нібыта ўдзельнічалі ажно 78,5% ад агульнай колькасці выбарцаў раёну. Нібыта на ўчасткі прыйшло 80 229 чалавек з 102 224 магчымых.
У склад Лідскага раённага савету ўвайшлі 35 чалавек. Перавага зараранёў вызначаных “дэпутатаў” перад іхнымі дублёрамі была на акругах проста вялізнай. Ні на адной з выбарчых акругаў не было нават імітацыі канкурэнцыі. Афіцыйныя лічбы перавагі аднаго з кандыдатаў над іншым па розных акругах, якія наглядна паказваюць, што гэта былі за выбары, вось такія: Наваградская выбарчая акруга №35: 1607 – 191; Дубровенская акруга №29: 2274 – 112; Заходняя акруга №8: 1538 – 360; Сувораўская акруга №16: 2146 – 297. Такая ж карціна “разрыву галасоў” на ўсіх іншых акругах.
Паведамляецца, што цягам паседжання шляхам патаемнага галасавання старшынём Лідскага раённага савету зноў абраная Інэса Белуш. Яе намеснікам стаў генеральны дырэктар ААТ “Лідахлебапрадукт” Аляксандр Астроўскі.

Інэса Белуш у цэнтры




