
За сітуацыяй у Беларусі сочаць 35 тысяч відэакамер. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі генерал-маёр Генадзь Казакевіч.
Згаданыя камеры аб’яднаныя ў “Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі”. “Гэта тэхналогіі, якія дазваляюць не проста ў рэжыме рэальнага часу дваццаць чатыры на сем адсочваць аператыўную абстаноўку, — кажа Казакевіч. — Яны дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу, транспартны сродак, вызначаць надзвычайныя сітуацыі і гэтак далей”.
За 2023 года толькі ў Менску з дапамогай згаданай сістэмы было раскрыта “некалькі соцень злачынстваў”. Пра тое, як яна выкарыстоўваецца для пошуку іншадумцаў, падпольшчыкаў, генерал не стаў удакладняць.
Яшчэ з канца 2022 года “Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі” пачала працаваць “у новым фармаце”. Аднак Генадзь Казакевіч кажа, што яе будуць працягваць развіваць (стаіць задача далейшага паляпшэння тэхнічных магчымасцяў камераў для дакладнага распазнавання твараў і нумарных знакаў аўтамабіляў). І абгрунтоўвае тым, што “гэта інструмент забеспячэння бяспекі нашых грамадзян”.
Пару месяцаў таму мы расказвалі, што ў Лідскім раёне ўсё больш усталёўваецца новых відэакамер.
