
Апублікаваны новы склад Гарадзенскага гарадскога савету дэпутатаў. Прадказальна, што ніякіх сенсацый пры афармленні гэтага «дэпутатцтва» у час так званага удзінага дня галасавання не здарылася. У гарсавет трапіў 31 прадстаўнік чыноўніцкай наменклатуры, якія былі заранёў вызначаныя і лёгка ўгадваліся як фаварыты на сваіх акругах. Сістэма не дала аніводнага збою.
Прайшло толькі істотнае абнаўленне дэпутацкага гарадскога корпусу. З складу ранейшай кадэнцыі ў новым савеце будуць засядаць толькі 6. Гэта дырэктар Гарадзенскага філіяла супольнага таварыства «Мабільныя ТэлеСістэмы» Дзяніс Сырамаха, прапагандыст і дырэктар КУП «Телерадиовещательный канал «Гродно Плюс»» Сяргей Мазайла, старшыня спартовай установы «Гродзенскі спартовы клуб «Нёман»» Іван Варсовіч, выконваючы абавязкі першага намесніка і галоўны інжынер ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка» Павел Язубец, начальнік аддзелу лагістыкі і продажу ААТ «Молочный мир» Пётр Паграноўскі,галоўны доктар «Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі» Аляксандр Раманчук.
Астатнія «дэпутаты» новыя. Сярод іх такія, як дырэктар унітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі «Белоруснефть-Гроднооблнефтепродукт» Вадзім Худык (сын міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка, які прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы), першы сакратар Гарадзенскага гарадскога камітэту ГА БРСМ Арцём Макарэвіч, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Гародні Алег Бялінскі (цікава, ці застанецца ён сядзець на двух крэслах), іншыя прадстаўнікі наменклатуры. Усе «дэпутаты» – досыць высокія начальнікі і прадстаўнікі чынавенства. Ажно 8 чалавек – гэта начальнікі ўстановаў аховы здароўя, 7 – кіраўнікі навучальных установаў, ажно 13 – начальнікі розных дзяржаўных прадпрыемстваў.
