Польская рэдакцыя аўтарытэтнага амэрыканскага выданьня правяло цырымонію ўзнагароджаньня сваёй прэміяй і ўганаравала палітвязьня, які знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

Прэмія Newsweek імя Тэрэсы Тараньскай у намінацыі «Постаць 10-годзьдзя» дасталася Анджэю Пачобуту.

«Выдатны журналіст, калега, чалавек мацнейшы за сталь. Анджэй ня змог забраць узнагароду, бо сядзіць у турме ўжо 1075 дзён. Ён выжыве. Вось убачыце! Ён яшчэ напіша тэкст пра падзеньне Лукашэнкі», — адзначыў журналіст выданьня Яцэк Паўліцкі.

Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.