
У Гародні судзілі выхавацеля і маці непаўналетняга дзіцяці, а таксама самазанятага. Гарадзенцаў аштрафавалі і спагналі з іх сумы, якія яны атрымалі прадуктамі ад INeedHelpBY, прызнанай экстрэмісцкім фармаваннем, паведамляе hrodna.life
Суды прайшлі ў судзе Кастрычніцкага раёна. Гарадзенцаў звінавацілі ў парушэнні 1 пункта 2 дэкрэта ад 25.05.2020 № 3 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». Яны нібыта атрымалі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Пры гэтым яны нібыта садзейнічалі экстрэмісцкай дзейнасці і «неправамерна легітымізавалі злачынцаў», у тым ліку надаючы ім «псеўда-статус палітвязняў».
Выхавальніца атрымала прадукты на 1651,90 рубля, самазаняты — на 6540,35 рублёў. Яны аддадуць гэтыя грошы дзяржаве, а яшчэ заплацяць штраф – 30 базавых велічынь (1200 рублёў).
Вядома ўжо пра шэсць падобных судоў у Гародні — менавіта такую колькасць затрыманых у горадзе называлі падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў у канцы студзеня. Усяго ў Беларусі вядома пра 127 судоў па справах звязаных з INeedHelpBY.
