
Беларускі краязнавец, музеязнавец, педагог Міхась Петрыкевіч нарадзіўся 31 ліпеня 1913 году ў вёсцы Падкасоўе на Наваградчыне. Пасля пачатковай школы і двухгадовай школы паступіў у Наваградскую беларускую гімназію. У 1940–1941 гадах вучыўся на літаратурным факультэце Беластоцкага педінстытута. З пачаткам вайны вярнуўся дамоў. Потым яго забралі на фронт. А пасля вайны давучваўся ў Менскім педінстытуце.
Усё жыццё Міхась Петрыкевіч працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Карэліцкай сярэдняй школе, у Валеўскай сярэдняй школе на Наваградчыне. У Валеўскай школе ён стварыў народны краязнаўчы музей. А калі пераехаў у Дзятлава, арганізаваў у 1967 годзе Дзятлаўскі раённы краязнаўчы музей, які працуе да сённяшніх дзён. З 1967 году Міхась Петрыкевіч друкаваў у рэспубліканскіх газетах і часопісах артыкулы на розныя краязнаўчыя тэмы. Вельмі шчыра сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Фёдарам Янкоўскім, Янкам Скрыганам і многімі іншымі літаратарамі.
Міхаіл Петрыкевіч памёр 6 сакавіка 1999 году ў Вільні. Пахаваны на могілках Карвялішкес ля Вільні.
