Праваабаронцы “Вясны” цягам лютага фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. За мінулы месяц колькасць грамадзян, супраць якіх маглі быць ужытыя рэпрэсіі ў судовым парадку і што былі засуджаныя ў межах крымінальнага судаводства, па папярэдніх дадзеных, склала 129 чалавек, з якіх 46 складаюць жанчыны, 83 – мужчыны. У Беларусі дагэтуль працягваецца масавы пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: у 73 чалавек (толькі 68 у Менску) са 129 у абвінавачанні быў альбо адзін артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), альбо ж ён меўся ў абвінавачанні разам з іншымі артыкуламі. На момант публікацыі матэрыялу ўдалося пацвердзіць 13 прысудаў. “Вясна” традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.

Мінск, Берасцейшчына і Гарадзеншчына – лідары па палітычных судах

Лютаўская рэгіянальная структура крымінальнага пераследу па палітычных матывах у лічбах выглядае наступным чынам:

  • Менск – 80 чалавек;
  • Гомельская вобласць – 12 чалавек;
  • Берасцейская вобласць – 12 чалавек;
  • Гарадзенская вобласць – 9 чалавек;
  • Менская вобласць – 7 чалавек;
  • Магілёўская вобласць – 5 чалавек;
  • Віцебская вобласць – 4 чалавекі.

Завочныя суды

У лютым пастаноўлены прысуд у парадку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да шасці грамадзян, якім улады прыпісваюць удзел у арганізацыі BYPOL і яе мабілізацыйным плане “Перамога”. Менскі гарадскі суд вынес прысуд у дачыненні да Алега Талерчыка, Андрэя Астаповіча, Ігара Лобана, Мацвея Купрэйчыка, Уладзіміра Жыгара і Аляксандра Азарава. Вынікам “завочнага” судовага разбору сталі тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўлення волі і буйныя сумы штрафаў у дачыненні да фігурантаў. Працэс разгляду справы праходзіў у перыяд, калі ўлады праводзілі выбарчую кампанію па выбарах* дэпутатаў усіх узроўняў заканадаўчай улады.

Варта адзначыць, што працэдура спецыяльнай вытворчасці выкарыстоўвалася ўладамі як адзін з рэпрэсіўных інструментаў уздзеяння на грамадскасць у перыяд электаральнай кампаніі. Непасрэдна перад пачаткам стадыі датэрміновага галасавання Следчы камітэт паведаміў пра пачатак працэдуры спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Франака Вячоркі. У момант правядзення датэрміновага галасавання СК праінфармаваў грамадства аб тым, што ў дачыненні да Алены Жылачкінай, Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага перададзеная справа ў суд за “спробу зрыву рэферэндуму ў 2022 годзе”.