
Небезвядомы гарадзенскі суддзя Руслан Гурын пайшоў на падвышэнне. Досыць значны час ён працаваў у судзе Ленінскага раёну Гародні, зараз указам Лукашэнкі яго прызначылі суддзём Гарадзенскага абласнога суду. Раней такі шлях прайшоў калега Гурына Дзмітрый Бубенчык.
Руслан Гурын вядомы шматлікімі адміністрацыйнымі карнымі пастановамі ў дачыненні да гарадзенскіх грамадскіх актывістаў яшчэ да пераломнага 2020 году. Некалькі разоў ён судзіў грамадска-палітычнага актывіста Мікалая Саляніка. Апошнія гады Гурын таксама абвесціў нямала карных прысудаў па крымінальных справах, а яшчэ больш пастановаў – па адміністрацыйных.
За апошнія гады Гурын у чэрвені 2022 году засудзіў да паўтары гадоў «хатняй хіміі» Юлію Каваленку, у тым жа чэрвені прысудзіў 20-гадоваму Максіму Антановічу год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, у тым жа «ударным месяцы» засудзіў Сяргея Луфярэнку да трох гадоў пазбаўлення волі, у ліпені таго ж году засудзіў да чатырох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму 33-гадовага бухгалтара Аляксандра Францкевіча. У студзені 2023 году ўзмацніў пакаранне палітвязню Артуру Чарняўскаму, у тым жа месяцы засудзіў Данііла Зайца да пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на два гады, у ліпені 2023 году засудзіў да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу Андрэя Мягкова.
Паводле сабраных звестак zubr.cc, суддзя выпісаў палітычных штрафаў на 15 777,5 рубля, адміністрацыйнага арышту — на 62 сутак. Вядома як мінмум пра 57 яго карных палітычных пастановах і прысудах.
Цяпер “руплівая” праца Руслана Гурына ацэнена вышэйшымі дзяржаўнымі органамі.

Руслан Гурын
