
Два тыдні няма ніякіх вестак пра палітвязня Анджэя Пачобута.
Яго жонка, Аксана Пачобут, напісала ў сацсетцы фэйсбук, што ўжо два тыдні не атрымлівае ад яго лістоў:
“Раней, калі не было лістоў з турмы, я турбавалася, што мой муж у карцары. Цяпер, пасля чарады смерцяў у турме, я ўвесь гэты час спадзяюся, што гэта проста карцар”.
28 лютага Анджэя Пачобута павінны былі перавесці з ізалятару ў агульную камеру, але ці адбылося гэта і які стан здароўя Анджэя Пачобута – пакуль нічога невядома.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” — разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута звінавацілі ў “распальванні варажнечы па нацыяльнай прыкмеце”. Таксама яго звінавацілі ў закліках да санкцый. Палітвязень ужо больш 35 месяцаў за кратамі.
