Беларускі рымска-каталіцкі сьвятар Юльян Бароўка нарадзіўся 26 красавіка 1886 году ў вёсцы Лынкішкі (Астравецкі р-н). Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям’і: бацькі – Баніфацый і Марцыяна (з дому Прусевічаў) Бароўкі.

У сакавіку 1905 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня перад камісіяй Маскоўскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, якую закончыў у 1910 годзе. Пасвечаны ў святары ў тым жа годзе. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Гародні, дзе разам са святарамі Францішкам Грынкевічам і Вацлавам Родзькамі выступаў за асвету для беларускага народу на яго роднай мове. Пазней працаваў адміністратарам у парафіі Нараўка Пружанскага дэканата.

касцёл у Рэплі

Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Прамаўляў да вернікаў у дадатковых казаннях на беларускай мове. З 1923 году служыў у парафіі Баруны Ашмянскага дэканату. Пераследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. У 1924-1932 гг. – пробашч парафіі ў Забярэжжы Вішнеўскага дэканата. Пэўны час выконваў святарскія абавязкі ў Вільні. З 1937 году – у парафіі Рэпля Віленскай архідыяцэзіі (цяпер Ваўкавыскі раён). Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускай каталіцкай перыёдыкі («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). 

Памёр Юльян Бароўка ў Рэплі 10 сакавіка 1964 году.