Андрэй Гардзей

Лукашэнка 11 сакавіка абнавіў склад некаторых дзяржаўных органаў. Так сярод іншых намеснікам міністра адукацыі (каардынацыя выхаваўчай і ідэалагічнай работы) прызначана Кацярына Пятруцкая.

Не абмінулі перастаноўкі і Гарадзеншчыну. Новым старшынём Карэліцкага райвыканкаму прызначаны Андрэй Гардзей. Да гэтага з 17 жніўня 2020 году ён працаваў намеснікам старшыні Ашмянскага райвыканкаму. 

Андрэй Гардзей нарадзіўся ў 1986 годзе ў горадзе Ашмяны. У 2008 годзе скончыў Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, у 2013 – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 2008 года працаваў галоўным заатэхнікам СВК “Прыгранічны”, затым – галоўным заатэхнікам аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ашмянскага райвыканкаму. З 2012 па 2016 год узначальваў Ашмянскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. З 2016 году працаваў у структурных падраздзяленнях Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.