
Пра пачатак руйнавання гістарычнага будынка паведаміў тэлеграм-канал Urban Hrodna, публікуючы фота з месца падзеі свайго падпісчыка.
Былыя казармы на вуліцы Шчорса ў Гродне («Аляксандраўскія казармы») да зносу захаваліся ў арыгінальным выглядзе, што вельмі рэдкая ў Беларусі з’ява. Яны лічыліся адным з найстарэйшых вайсковых гарадкоў на тэрыторыі Беларусі. Казармы ахоўваліся як шараговая гістарычная забудова, фасады мяняць у іх было забаронена.
Urban Hrodna адзначае, што раней пра знос будынкаў былых казармаў гаворкі не вялося — іх збіраліся перарабіць пад элітнае жытло.
«Мы ўпэўненыя, што ў выніку ў нас атрымаецца стварыць па-сапраўднаму цікавы і запамінальны варыянт рэканструкцыі», — казаў прадстаўнік забудоўшчыка з Брэста «Палессежылбуд».
Праект перабудовы казармаў абмяркоўвалі ў лістападзе 2022 года. Паводле яго, аўтэнтычныя вокны збіраліся пашыраць. Такія змены мусілі моцна сказіць архітэктурны выгляд будынкаў XIX стагоддзя, але ўрэшце праект зацвердзілі.
Летам 2023 года пачаліся будаўнічыя работы: будынкі абгарадзілі і сталі чысціць ад будаўнічага смецця. Восенню 2023 года з’явіўся новы праект, у якім павялічылася колькасць паверхаў і кватэр.
Цяпер жа, падобна, разам з аўтэнтычнымі вокнамі вырашылі знішчыць і ўвесь аўтэнтычны будынак.

У Міністэрства культуры Беларусі і пракуратуру Гародні даслана патрабаванне спыніць знішчэнне культурных каштоўнасцяў і прыцягнуць датычных да крымінальнай адказнасці па артыкуле 344 КК “Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцяў, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці”
Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра і Дэталёвага плана гістарычнага цэнтру Гародні з праектам рэгенерацыі гістарычнай забудовы названыя шэраговай гістарычнай забудовай.
Згодна з тэкставай часткай ПДП «сохранились примеры рядовой исторической застройки конца XIX – нач. XX. обладающей характерными элементами архитектуры этого периода, что позволяет дополнить и поддержать исторический облик города», да якіх аднесены і дадзеныя казармы.
Вы можаце даслаць аналагічныя звароты праз обращения.бел
