Стала вядома, што Кастрычніцкі суд Гародні яшчэ 16 лютага абвесціў прысуд 56-гадоваму мясцоваму жыхару Міхаілу Лешуковічу. Яго звінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч.1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі.

Паводле абвінавачання, Міхаіл Лешуковіч, які да прысуду знаходзіўся пад вартай,  на адным з ютуб-каналаў, пад відэазапісам “Пратэсты ў Беларусі: ці магчыма такое ў Таджыкістане?” публічна размясціў каментар, які прыніжае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі, такім чынам распаўсюдзіў паклёп у дачыненні да яго ў адкрытай для агульнага доступу форме.

Пад відэасюжэтам дагэтуль больш за тысячу каментароў.

7 сакавіка 2024 года Лешуковіч быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Суд пастанавіў прызначыць Міхаілу Лешуковічу пакаранне – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады (“хатняя хімія”).

Вясна