«Галоўнае расчараванне было звязанае з вяртаннем: гэта было вяртанне ў чужы свет, да абыякавасці, да прыхаванай нянавісці і баязлівасці. Ніхто не прызнаваў сваёй прыналежнасці да партыі варвараў. Ніхто не адчуваў сябе адказным за тое, што здзейсніў… Ніхто не быў у стане нават прыпомніць іх імёнаў; ніхто не жадаў ні ўспамінаць пра злачынствы, ні адказваць за іх; многія забываліся нават пра існаванне канцэнтрацыйных лагераў. Я натыкнуўся на маўчанне, на глухую сцяну страху і адмаўлення. Некаторыя спрабавалі растлумачыць гэта тым, што народ занадта стаміўся… Кожны за гэтыя гады многае перажыў, пра іншых нібыта можна было і не клапаціцца. Немцы не нацыя рэвалюцыянераў. Яны былі нацыяй выканаўцаў загадаў. Загад замяняў ім сумленне. Гэта стала іх улюбёнай адгаворкай. Хто дзеіў паводле загаду, той, па іх меркаванні, не мусіў мець ніякой адказнасці».

Так пісаў у адным творы пра сваіх суайчыннікаў адразу пасля Другой сусветнай вайны Эрых Марыя Рэмарк. Даруйце за доўгую цытату, але ж як трапна сказана: «Загад замяняў ім сумленне»! Нібыта пра сённяшнюю ўладную «вертыкаль» у Беларусі, пра ўсіх гэтых чыноўнікаў, следчых, спецслужбоўцаў,

суддзяў, пракурораў, начальнікаў высокага і сярэдняга звяна, шматлікіх прадстаўнікоў сілавых структураў – ад шэраговых участковых міліцыянтаў да генералаў у пагонах. І сапраўды – у якія аддаленыя шуфляды незгаральнай шафы ім удаецца запхнуць гэтае сумленне ці хоць нейкія яго рэшткі. Альбо яны нараджаюцца ўжо без гэтай неад’емнай для чалавека якасці, з поўнасцю атрафаванымі пэўнымі ўласцівасцямі, такімі як спагада, разуменне дабра, імкненне да праўды, шчырасць. Для якіх якасць сумленне з маладых пазногцяў – атавізм людской прыроды. Яны ўжо дзецьмі, яшчэ са школы, імкнуцца кожнай цаной заняць нейкую пасаду. Прыгадваю тут адзін з сваіх школьных летнікаў у папулярным тады на Гарадзеншчыне піянерлагеры «Касмадром». Сярод прысутных там равеснікаў вылучаўся сваёй незвычайнай актыўнасцю, стэрыльнай «правільнасцю» і проста прагай да лідарства адзін невялікі ростам хлопец. Потым цягам доўгіх гадоў ён быў цэлы час на даляглядзе і паслядоўна ішоў па прыступках кар’ернай лесвіцы. Сёння – адзін з вышэйшых чыноўнікаў Беларусі, набліжаны прыдворны служака. Не думаю, што хоць раз яго мучылі нейкія згрызоты сумлення. А ўвогуле цяжка зразумець, як ім не горкі іхны сабачы хлеб, які скрозь прасякнуты кроўю збітых палітвязняў і слязамі іх дзяцей, як ён не становіцца папярок горла. Як яны глядзяць у вочы сваім блізкім і што ім гавораць…

Рэмарк пісаў пра пасляваенную псіхалогію немцаў, але ці ня тое сама будзе пасля ўсіх бедаў, ахвяраў і стратаў, пасля вызвалення ад расейскай акупацыі з беларусамі. Розніца яшчэ ў тым, што таталітарны рэжым у Беларусі мае не мясцовыя, а чужынскія паходжанне і прыроду. А калабарцыянізм – гэта яшчэ горшая з’ява. Прыгадваецца тут якраз старая яскравая показка пра беларуса, які служыў у НКВД, пасля прыходу гітлераўцаў некалькі гадоў супрацаваў з фашыстамі, а пасля сканчэння вайны зноў пайшоў на службу ў савецкія карныя органы. Урэшце на пытанне, як ён мог так зрабіць, шчыра адказаў: «Так не хацелася, каб працоўны стаж перапыняўся».

Беларусы – менавіта такая нацыя выканаўцаў, якая чарговы раз знойдзе сабе апраўданне. Усё ж гэтае зло рабілася і расло на нашых вачах трыццаць гадоў, пачынаючы з паваротнага 1994-га. Многія прадстаўнікі нашай нацыі гэты час змагаліся як маглі з несправядлівасцю, пераследаваліся і сядзелі ў турмах. Некаторыя, такія як наваполацкі правабаронца Аляксей Філіпчанка, які падпаліў сябе на знак пратэсту супраць беззаконня, ахвяравалі жыццём, многія катастрафічна страцілі здароўе. Але гэтага сталася мала, каб стварыць належны арганізаваны супраціў злу, абараніць сябе і сваю суверэнную дзяржаву. І з гэтай агульнанацыянальнай віной жыць як мінімум двум пакаленням. А калі, пры чарговым гістарычным шанцы, ня будзе агульнанацыянальнага асэнсавання і пакаяння, усё паўторыцца ізноў.

Уладзімір Хільмановіч