Беларускі грамадска-культурны дзеяч, кампазітар, музычны педагог, публіцыст Альбін Стаповіч нарадзіўся 18 сакавіка 1894 года ў вёсцы Барані Свянцянскага павета (цяпер Астравецкі раён). Родны брат вядомага беларускага святара і паэта Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка). Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Потым навучаўся у музычнай школе Монтвіла ў Вільні. Вельмі моцны ўплыў на яго творчае фармаванне зрабіў кампазітар Людамір Рагоўскі, які працаваў настаўнікам музычнай школы і адкрыў для юнака прыгажосць беларускай народна-песеннай творчасці.

Пазней Альбін Стаповіч вучыўся ў Казанскім універсітэце. Досыць працяглы час кіраваў касцёльным хорам у Казані (1913-21 гады). Пасля вярнуўся ў Вільню. Навучаўся ў Віленскім універсітэце. У 1922 годзе кіраваў беларускім хорам. Выкладаў музыку ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1923 годзе ўвайшоў у рэвізійную камісію Студэнцкага саюзу. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага кааператыўнага земляробча-прамысловага банку.

У 1926 годзе Альбін Стаповіч – сакратар Віленскага кола Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1930-34 гадах – намеснік старшыні, старшыня Віленскага кола. Кіраўнік беларускага хору пры ім. Актыўны сябар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1926 годзе – сакратар, 1927-30 – віцэ-старшыня БХД. З траўня 1926 года кіраўнік Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Удзельнік з’езду Сялянскага саюзу 24 сакавіка 1926 года. Нейкі час (1927-28) рэдактар «Беларускай крыніцы». У 1928-30 гадах пасол Сойму (абраны ад Блоку нацыянальных меншасцяў), сябра Беларускага пасольскага клубу. У 1929 годзе выдаў брашуру «Беларусы і дзяржаўная незалежнасць». У 1930 годзе намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту. У 1930 годзе спрабаваў стварыць уласную палітычную партыю Беларускіх незалежных радыкалаў.

Альбін Стаповіч кіраваў беларускім хорам пры касцёле святога Мікалая ў Вільні. Ён аўтар нарысаў пра беларускую песню, стан беларускай музычнай культуры і аўтар некалькіх беларускіх песень, у тым ліку гімна Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры «Дзе чутны мовы нашай гукі». Альбін Стаповіч вядомы і як публіцыст, аўтар шматлікіх артыкулаў у газетах і часопісах: «Наш Шлях», «Беларуская крыніца», «Родныя гоні», «Новы шлях», «Шлях моладзі», «Самапомач», «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд») і іншых, якія прысвечаны беларускай літаратуры і музыцы. Пісаў таксама пад псеўданімамі Уладзімір Загорскі, Арганісты беларус, Анупры С…жнік і Кастусь Каравы.

У канцы жыцця Стаповіч падрыхтаваў першую кнігу з задуманага ім шматтомнага выдання – беларускі спеўнік «За Бацькаўшчыну», дзе выбраныя беларускія вершы паклаў на вядомыя народныя мелодыі, а многія з мелодый напісаў сам. Спеўнік выдадзены ў 1935 годзе ўжо пасля смерці Стаповіча. Пачынаўся ён з песні «Беларусь перад усім», да якой словы і музыку напісаў Альбін Стаповіч. Сталася яна беларускім гімнам беларускай моладзі. Ён таксама аўтар папулярнай песні «Саўка ды Грышка», якая значны час лічылася народнай. У Баранях яе цэлы час называлі «Альбіноўкай».

Памёр Альбін Стаповіч 18 снежня 1934 года пасля цяжкай хваробы сэрца. Вестка пра яго смерць абляцела ўсю Вільню. Жалобнае набажэнства правёў ксёндз Адам Станкевіч. Пахаваны Стаповіч у Вільні на могілках Росы на так званай Літаратарскай горцы побач з братам – Казімірам Сваяком.