
242 мігранты за апошнія два дні (18-19 сакавіка) спрабавалі трапіць у Польшчу з Беларусі, паведаміла памежная служба Польшчы. Польскія памежнікі таксама апублікавалі відэа, на якім бачна, што мігранты з беларускага боку кідалі ў іх галіны і пашкодзілі шкло ў службовым аўтамабілі.
З пачатку сакавіка польскія памежнікі агулам зафіксавалі ўжо 1389 спробаў нелегальна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі. На тэрыторыю Літвы за мінулы дзень, 19 сакавіка, спрабавалі нелегальна трапіць 19 мігрантаў, на тэрыторыю Латвіі — 37, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Статыстыка, выведзеная “Позіркам” на падставе штодзённых звестак, сведчыць, што напружанасць на мяжы Беларусі і Еўразвязу вагаецца. Да канца 2023 году і ў студзені 2024-га яна прыкметна знізілася, у лютым ізноў пачала ўзрастаць.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўразвязу працягваецца з вясны 2021 году.
