У Беларусі з 1 красавіка зменіцца базавая арэндная велічыня, якую вызначае пастанова ўрада №200 «Аб устанаўленні базавай арэнднай велічыні», апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З 1 красавіка базавая арэндная велічыня будзе складаць 17,76 рубля замест цяперашніх 16,9 рубля.

Базавая арэндная стаўка не змянялася ў краіне з сакавіка 2019 года. Праўда, у 2020-м урад павялічыў было стаўку да 17 рублёў 85 капеек, аднак пасля ўвёў мараторый і адкаціў стаўку на ранейшыя значэнні. Як тлумачылі ва ўрадзе, непавышэнне базавай арэнднай велічыні было накіравана на захаванне ўмоў для стабільнага функцыянавання беларускага бізнэсу.

Памер стаўкі арэнднай платы вызначаецца для арандатараў у залежнасці ад попыту на тавары і камерцыйнай выгады ад здачы памяшкання або зямлі ў арэнду.

Раней у Дзяржаўным камітэце па маёмасці паведамлялі, што базавая арэндная плата прывязаная да беларускага рубля, арэндная плата за маёмасць таксама разлічваецца і спаганяецца выключна ў беларускай валюце.
https://nashaniva.com/338940