Рада БНР узнагародзіла розных беларускіх дзеячаў за заслугі перад беларускім народам. Сярод іх ёсць і нараджэнцы Гарадзеншчыны.

Упершыню з 1950 году Рада БНР узнагародзіла тытуламі кавалера Ордэну Пагоні з наданьнем адзнакі Крыжа Ордэну Пагоні.

У 106-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджаньні за заслугі перад беларускім народам:

Зянона Пазьняка – за найважнейшы ўнёсак у здабыцьцё незалежнасьці Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, абарону дэмакратыі,

праваабаронцу Алеся Бяляцкага – за выбітныя заслугі маральна-грамадзкага лідарства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасьці Беларусі ў варунках асабістае небясьпекі, а таксама два палітычныя зьняволеныя, чые імёны пакуль не апублічваюцца зь меркаваньняў асабістай бясьпекі.

Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца.

Медалём Ордэну Пагоні сярод іншых адзначаныя:

Ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне «Волат» з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасьць, дырэктар «Беларускага дому» ў Варшаве Алесь Зарамбюк.

Закрытым дэкрэтам Старшыня Рады БНР узнагародзіла мэдалём «За баявыя заслугі» трох афіцэраў і 14 байцоў палка імя Кастуся Каліноўскага, аднаго афіцэра і 11 байцоў батальёну «Волат», а таксама аднаго байца асобнай дэсантна-штурмавой роты «Беларусь» у складзе аднае з брыгадаў Збройных сілаў Украіны.

Аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму мэдалём Ордэну Пагоні, нададзеная дадатковая вайсковая адзнака.