Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа затрымання жыхара Гародні, які, паводле аўтараў відэа, за грошы фатаграфаваў ваенныя абʼекты. На відэа малады чалавек выглядае збітым.

«Медыязона» высветліла, што ў сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Кірыл Гаўрылаў. Ён 2003 года нараджэння і пражывае ў Гародні. У міліцэйскім роліку бачна, што ў хлопца падбітае левае вока. 

На камеру хлопца прымусілі сказаць, што яму за грошы прапанавалі сабраць інфармацыю пра вайсковыя абʼекты Беларусі і сфатаграфаваць іх. 

У роліку паказваюць фота зенітна-ракетных комплексаў С-300 і РСЗА «Град». Ці зрабіў гэтыя фотаздымкі затрыманы, невядома. Таксама невядома, па якім артыкуле затрымалі гарадзенца і дзе ён зараз знаходзіцца.