
Вадзім Саранчукоў
Практыка завочных крымінальных спраў у Гародні набірае размах.
Стала вядома, што чарговую, так званую “спецвытворчасць” пачалі супраць чарговых грамадска-палітычных актывістаў: выканаўцы абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Яму інкрымінуюць ч.1, ч.2 арт.361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Гэта «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Па тых жа самых частках таго самага артыкулу спецыяльнае вядзенне пачалі супраць гісторыка і журналіста, ранейшага палітвязня Алеся Кіркевіча.

Алесь Кіркевіч
І Саранчукова і Кіркевіча неаднаразова пераследавалі ў мінулыя гады, калі яны знаходзіліся ў Гародні.
Цяпер абодвух “просяць” з’явіцца ва Ўправу Следчага камітэту Гарадзенскай вобласці. І Саранчукоў, і Кіркевіч раней змушана пакінулі Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу з палітычных матываў. Абодва зараз жывуць за мяжой.
«Спецвядзенне» — адмысловая працэдура, якую ўвялі лукашэнкаўскія ўлады, каб завочна абвінавачваць і судзіць палітычных і грамадскіх дзеячаў, журналістаў, прадпрымальнікаў, якія займаліся беларускай дзейнасцю, за што і раней пераследаваліся ўладамі.
Раней стала вядома, што такая завочная крымінальная спецвытворчасць вядзецца супраць гарадзенцаў Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Верамеенкі.
