
Беларусь з 1 красавіка 2024 года павінна пачаць вяртаць расейскі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Але афіцыйных паведамленняў наконт гэтага ні беларускі, ні расейскі бок пакуль не давалі.
Масква абяцала адкрыць крэдытную лінію на 10 мільярдаў даляраў на пабудову АЭС. У лістападзе 2023 года расейскія СМІ пісалі, што беларускі бок выкарыстаў толькі 5,36 мільярда даляраў на гэтыя мэты.
Выплаты асноўнага доўгу мусілі пачацца 1 красавіка 2023-га, аднак летась расейскія ўлады адклалі іх яшчэ на год. Акрамя таго, валюта плацяжоў была змененая з даляраў на расейскія рублі, а плаваючая працэнтная стаўка па крэдыце была заменена на фіксаваную — 3,3%.
Беларусь абавязалася вярнуць грошы 30 роўнымі долямі, выплаты павінны адбывацца кожныя паўгода.
Пабудова БелАЭС завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок станцыі быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года, другі — у лістападзе 2023-га.
