Суд Ленінскага раёна Гародні яшчэ 15 сакавіка засудзіў дырэктара прыватнага прадпрыемства Віталя Шычко, звінаваціўшы яго ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), а таксама ў ягонай абразе (ч. 2 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Козел.

Да суда Віталь Шычко, які мае на ўтрыманні двух дачок, знаходзіўся пад вартай.

Па матэрыялах абвінавачання, Шычко, знаходзячыся ў горадзе Ліда, пакінуў у тэлеграм-канале “Гародня 97%” абразлівыя каментары ў дачыненні да Лукашэнкі, якія “прынізілі гонар і годнасць асобы і былі спалучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства”.

Суд прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць  на падставе ч. 2 арт. 367 КК абмежаваннем волі на тэрмін тры гады, і на падставе ч. 2 арт. 368 КК абмежаваннем волі на тэрмін два гады.

Па сукупнасці абвінавачанняў канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у “папраўчую” установу адкрытага тыпу на тры гады.

Пасля абвяшчэння прысуду ён быў вызвалены з-пад варты на час падавання апеляцыйнай скаргі і разгляду яе ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Вясна