
Прапануем вашай увазе краязнаўчы рэгіянальны каляндар на красавік 2024 году.
1 красавіка
Міжнародны дзень жартаў.
Міжнародны дзень птушак.
115 гадоў таму (1909) – У в. Пляшкі (цяпер Партызанаўка, Слонімскі р-н) нарадзіўся Аляксандар Асіпчык, царкоўны дзеяч у эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

110 гадоў таму (1914) – У в. Лявонцева (Мантураўскі р-н, Кастрамская вобл., Расея) нарадзіўся Васіль Струмень (сапр. Аляксандар Лебедзеў), беларуска-украінскі пісьменьнік. Жыў у Зачэпічах (Дзятлаўскі р-н).

105 гадоў таму (1919) – У мястэчку Мір (Карэліцкі р-н) пачалося паўстаньне (доўжылася да 4 красавіка) мясцовых жыхароў супраць улады бальшавікоў. Было задушана карнікамі, у баёх загінулі 25 паўстанцаў і 30 чэкістаў.
2 красавіка
Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.
4 красавіка
210 гадоў таму (1814) – У в. Стрэлічава (Хойніцкі р-н) нарадзіўся Восіп Гашкевіч, дыпламат, мовазнавец, дасьледнік Японіі і Кітаю, натураліст. Жыў у в. Малі (Астравецкі р-н).

5 красавіка
240 гадоў таму (1784) – У Шчучыне памёр Францішак Ярманскі (Юрманскі), каталіцкі рэлігійны дзеяч, педагог. Быў рэктарам Шчучынскага піярскага калегіюму.

40 гадоў таму (1984) – Памёр Артур Цяжкі, беларускі празаік, журналіст.

6 красавіка
40 гадоў таму (1984) – У Нью-Ёрку памерла Галіна Орса, беларуская грамадзка-культурная дзяячка ў ЗША. Пахавана на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку.

7 красавіка
Сусьветны дзень здароўя.
465 гадоў таму (1559) – Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Крэву Магдэбургскае права.

8 красавіка
120 гадоў таму (1904) – У Лідзе нарадзіўся Сьцяпан Варшаўскі, амерыканскі матэматык, прафесар універсітэту ў Мінесоце.
10 красавіка
200 гадоў таму (1824) – Нарадзіўся Антон Брахоцкі, уладаньнік маёнтку Морына (Івейскі р-н), удзельнік паўстаньня 1863 году, пасьля якога быў высланы.
11 красавіка
Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлагераў.
14 красавіка
485 гадоў таму (1539) – Памёр Багдан Валовіч, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, гарадзенскі канюшы з 1508 г. і войскі з 1529 г., намесьнік скідальскі і азёрскі з 1537 г.
15 красавіка
Міжнародны дзень культуры.
5 гадоў таму (2019) – У Гародні на доме па вуліцы Ажэшкі адкрыта памятная шыльда ў гонар Аляксея Карпюка.

16 красавіка
230 гадоў таму (1794) – Якуб Ясінскі ўзначаліў вызвольнае паўстаньне ў ВКЛ.

65 гадоў таму (1959) – У Менску памерла Зінаіда Бандарына, беларуская пісьменьніца, паэтка. Нараджэнка Гародні. Пахавана на менскіх Усходніх могілках.

17 красавіка
125 гадоў таму (1899) – У Менску нарадзілася Лідзія Ржэцкая, беларуская акторка тэатру і кіно. Разам з бацькамі (бацька быў праваслаўным сьвятаром) жыла ў Морыне (Івейскі р-н).

18 красавіка
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін.
19 красавіка
5 гадоў таму (2019) – У в. Солы (Смаргонскі р-н) памёр Мар’ян Дукса, беларускі празаік і паэт. Працаваў у Солах і Смаргонях.

20 красавіка
275 гадоў таму (1749) – У Полацку памёр Мацей Бейтнік, беларускі жывапісец. Выканаў насценныя размалёўкі ў езуіцкім калегіуме ў Жодзішках (Смургонскі р-н).
22 красавіка
55 гадоў таму (1969) – У Наваполацку нарадзіўся Алесь Пугачоў, беларускі юрыст, выкладчык, удзельнік моладзевага беларускага руху ў Гародні ў канцы 1980-ых-пачатку 1990-ых гг.

30 гадоў таму (1994) – У Менску з удзелам гарадзенцаў прайшла першая сустрэча беларускай моладзі сьвету (доўжылася 22-23 красавіка, 200 дэлегатаў з краін былога СССР і Польшчы).
23 красавіка
475 гадоў таму (1549) – Памёр Ян Глябовіч (нар. каля 1480 г.), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў Суляцічамі (Наваградзкі р-н).
90 гадоў таму (1934) – У Вераскава (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Уладзімір Конан, філосаф, літаратуразнавец, культуролаг, публіцыст.

24 красавіка
1959 – У Лідзе адчынены краязнаўчы музей.
25 красавіка
120 гадоў таму (1904) – У Варшаве памёр Францішак Далеўскі (нар. у 1825 г. у фальв. Руднікі, Лідзкі пав.), адзін з ствараньнікаў Братняга зьвязу літоўскай моладзі, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг.

25 гадоў таму (1999) – У Гародні прайшло шэсьце патрыётаў з паходнямі. Скончылася жорсткай сутычкай з міліцыянтамі на вуліцы Ажэшкі.
26 красавіка
Дзень Чарнобыльскай трагедыі. Міжнародны дзень памяці загінуўшых у радыяцыйных аварыях і катастрофах.
155 гадоў таму (1869) – Памёр Вінцэнт Седлікоўскі, удзельнік паўстаньня 1830 году. Нараджэнец Сьвіслачы.
27 красавіка
105 гадоў таму (1919) – Польскія войскі занялі Гародню, дзе знаходзіўся Урад БНР і беларускае войска.
28 красавіка
Сусьветны дзень аховы працы.
230 гадоў таму (1794) – Жыхары Гародні далучыліся да паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.
165 гадоў таму (1859) – У в. Зіневічы каля Ваверкі (Лідскі пав.) нарадзіўся Кіпрыян Кандратовіч, вайсковец, беларускі генерал, міністар БНР.

80 гадоў таму (1944) – У Іўі памёр Ільдафонс Бобіч, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, выдавец. Пахаваны каля івейскага касьцёлу.

29 красавіка
Міжнародны дзень танца.
100 гадоў таму (1924) – У Вільні памёр Міхаіл Пліс, беларускі грамадзкі дзеяч, праваслаўны сьвятар. Нараджэнец Гарадзеншчыны.
30 красавіка
Сусьветны дзень пародненых гарадоў.
