У Воранаўскім раёне каля мяжы з Літвой тэрытарыяльная абарона ваявала з “дыверсантамі”. Чыноўнікі і сілавікі гулялі ў ваенныя дзеянні. Зборам кіраваў асабіста старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. На яго сабралі старшыняў усіх раёнаў вобласці. Мэтай мерапрыемства называюць “выпрацоўку адзіных падыходаў у службовых асоб мясцовых выканаўчых распарадчых органаў у ходзе падрыхтоўкі і вядзення тэрытарыяльнай абароны”.

“Воранаўская газета” піша, што напярэдадні мясцовых удзельнікаў тэрабароны перадалі міліцыі. Яны разам стаяць на арганізаваных блокпастах, правяраюць аўтамабілі. Разам і “ваююць”, нясуць “страты”.

“Задача ў нас адна — недапушчэнне здзяйснення дыверсій”, — сказаў начальнік мясцовага РАУС падпалкоўнік міліцыі Віктар Шэйпак.

Мяркуецца, што падчас вайны падраздзяленні тэрабароны будуць ахоўваць важныя аб’екты і змагацца з дыверсійна-разведвальнымі групамі. 

2 красавіка ў Гародні Лукашэнка заявіў, што рыхтуе Беларусь да вайны.