За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца сакавіка 2024-га ў Беларусі ліквідаваны не менш як 1 601 некамерцыйная (недзяржаўная) арганізацыя (НКА, НДА) — аб’яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Адзначаецца, што рашэнне пра самаліквідацыю па-ранейшаму прымаецца пераважна з-за ціску на сяброў НКА, неспрыяльнага прававога асяроддзя і грамадска-палітычнай сітуацыі.

Паводле дадзеных Lawtrend, на 1 студзеня ў краіне было зарэгістравана 2 330 НКА трох арганізацыйна-прававых формаў: грамадскія аб’яднанні, фонды і недзяржаўныя ўстановы.

27 сакавіка падпісаны ўказ нумар 112, якім скарэктаваны парадак прадастаўлення і выкарыстання спонсарскай дапамогі. Ён абмежаваў яе прадастаўленне ў замежнай валюце.