Жонка палітвязня і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук у інтэрв’ю Associated Press распавяла пра боязь наконт здароўя мужа.

Наталля Пінчук адзначыла, што апошнія паўгода 61-гадовы праваабаронца знаходзіцца ў адзіночнай камеры, нягледзячы на хранічныя захворванні. Яна паведаміла, што даведалася ад людзей, якія выйшлі з турмы, што стан Алеся Бяляцкага працягвае пагаршацца.

Жонка праваабаронцы заклікала ААН «дзейнічаць больш актыўна», каб дапамагчы Алесю Бяляцкаму, які адбывае 10-гадовы тэрмін. Наталля Пінчук таксама заклікала садзейнічаць вызваленню і іншых палітвязняў у Беларусі.

Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 года разам з Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам і ў сакавіку 2023 года засудзілі на 10 гадоў калоніі. Зняволенне ён адбывае ў калоніі ў Горках.