Незвычайны судовы працэс па крымінальнай справе арганізавалі ў красавіку ў Свіслачы. Пра яго расказала раённая газета.

Увечары 25 студзеня 2024 года свіслачаніна затрымалі супрацоўнікі Свіслацкага аддзела аховы за дробнае хуліганства і даставілі ў дзяжурную частку РАУС. Мужчына не быў згодны з затрыманнем і нібыта пачаў выказваць на адрас супрацоўнікаў міліцыі абразы і пагрозы. Пры тым яшчэ згадаў Лукашэнку і выказваўся пра яго. Па версіі міліцыі, 38-гадовы мужчына рабіў гэта працяглы час і неаднаразова зняважыў начальніка дзяржавы. У выніку была пачатая крымінальная справа.

Імя падсуднага не называецца. А суд вырашылі зрабіць публічным і праводзілі яго ў будынку райвыканкаму (!). Паведамляецца, што “в зале заседания райисполкома cобрались представители общественности”. Асабліва замілоўвае фота адной з прысутных, якая літаральна пазіравала для прапагандыстаў раённай газеты:

Паведамляецца, што гэта ўжо 11-я судзімасць абвінавачанага. На гэты раз на падставе часткі 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу мужчыну прысудзілі пазбаўленне волі на 3 гады з адбываннем тэрміну ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Прысуд аформіў старшыня Свіслацкага раённага суду Дзмітрый Ціунчык.