
фота ілюстрацыйнае
У Беларусі перагледзелі вызначэнне парнаграфіі. У чацвер на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ апублікаваная адпаведная пастанова Міністэрства культуры, прынятая яшчэ ў сакавіку. Ёй уносяцца змены ў ранейшую інструкцыю, якая рэгламентуе выпуск, пракат, продаж і рэкламу “эратычнай прадукцыі і тавараў сексуальнага прызначэння”.
Цяпер у Беларусі лічыцца парнаграфіяй “вульгарна-натуралістычная, агідна-цынічная, непрыстойная фіксацыя палавых зносін, самамэтная, наўмысная дэманстрацыя большай часткай аголеных геніталій, антыэстэтычных сцэн полавога акту, сексуальных вычварэнстваў, нетрадыцыйных палавых зносін і (або) палавых паводзінаў, замалёвак з натуры, якія не адпавядаюць маральным крытэрам, абражаюць гонар і годнасць асобы, ставячы яе на ровень праяў жывёльных інстынктаў”.
Такім чынам, чыноўнікі дадалі “нетрадыцыйныя полавыя зносіны” і нават сфармулявалі іх даволі падрабязнае вызначэнне. Гэта — “палавыя адносіны паміж людзьмі аднаго полу (гомасексуалізм, лесбійскае каханне), аднаго чалавека з людзьмі розных полаў (бісексуальныя адносіны), аднаго чалавека адначасна з некалькімі людзьмі аднаго або розных полаў”. У спісе таксама згадваюцца садызм, мазахізм, педафілія, заафілія, некрафілія ды іншае.
Абарот эратычнай прадукцыі ці прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі дазваляецца толькі пры наяўнасці “экспертнага заключэння” аб адсутнасці ў ёй “элементаў прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці”.
Еўрарадыё
