
Былы палітвязень, колішні дырэктар «Маёнтка Падароск» Юрась Меляшкевіч з’ехаў з Беларусі пасля шасці месяцаў у СІЗА і васьмі трывожных месяцаў на волі ў Беларусі. Ён расказаў блогу «Суполка» сярод іншага пра многія акалічнасці, у тым ліку і пра палітвязняў Паўла Мажэйку, Дзяніса Івашына, Анджэя Пачобута ды іншых. Прапануем фрагменты з гутаркі.
Інтэрв’ю ў яго ўзялі ў сярэдзіне лютага, калі Юрый толькі пераехаў у Беласток. Ён пачаў размову з закліку да салідарнасці з людзьмі, якія яшчэ пакутуюць у турмах Беларусі.
Якой ты запомніў Беларусь, з якой з’язджаў?
— Беларусь, з якой я з’ехаў — гэта тая краіна, дзе я тыднямі мог не сустрэць ніводнага знаёмага чалавека. Гэта была краіна, дзе, тым не менш, маладыя людзі, з якімі раптам атрымліваліся нейкія кантакты, пераходзілі са мной на беларускую мову. І гэта мяне вельмі падтрымлівала, што нават у гэтых абставінах культурны выбар з’яўляецца вельмі важным для тых людзей, якія пачынаюць свой шлях. Канешне, фон трывогі, у якой я перабываў, знаходзячыся ў Беларусі.
— Раскажы пра сукамернікаў
— Першая сустрэча ў такім «пастаянным» складзе — гэта была сустрэча з Паўлам Мажэйкам, абсалютна нечаканая. Калі дзверы камеры расчыняюцца, укідваюць у камеру, я яшчэ на эмоцыях быў, заходжу — і ўжо пазітыўны стрэс, калі бачыш, як у камеры сядзіць чалавек, якога ты добра ведаеш, з якім на волі ў свой час былі сяброўскія адносіны.
Мы праседзелі з ім амаль паўтара месяцы. Мяне тады ніхто не чапаў. Прафулік не ставілі, адзнак не было. Хаця загадвалі спаць наверсе — на «пальму» ганялі як палітычных, каб лепш было бачна з відэаназірання. А перад тым, як я зайшоў, з камеры вывелі Дзяніса Івашына. У камеры да яго ўсе звярталіся як «Яўгенавіч».
Павел і я па-беларуску паміж сабой размаўлялі. Я трымаўся беларускай мовы, пакуль быў суразмоўца. Пасля цяжэй стала яе трымацца — перайшоў на расейскую. Сукамернікі — нехта і па-беларуску спрабаваў нешта сказаць. Былі выпадкі, што людзі казалі: «Ай, гэтая беларуская мова», што ім не падабаецца. Гэта хутчэй выключэнні. Збольшага людзі не асабліва звярталі ўвагу.
У СІЗА часам і інтэлігентныя людзі трапляліся. Можа, тое самае і на зоне. У СІЗА людзі пакуль не дайшлі да стану, калі яны ў калоніі на доўгія гады і сістэма над імі папрацавала і ў нялюдскі стан ператварыла.
Самая важная сустрэча для мяне — я два разы перасёкся з Анджэем Пачобутам. Такія сустрэчы ў калідоры — перад тым, як нас заводзілі ці выводзілі з кабінетаў, дзе нас адвакаты сустракалі ці са следчымі былі размовы.
На волі мы не былі знаёмыя, але ведалі адзін пра аднаго. Ён мяне пазнаў. Анджэй трымаецца, ён — вельмі моцная асоба, і бачна, што нічога яго не зломіць. Гэтыя выпрабаванні псіхалагічна яго не перамогуць. Адзінае, што трэба — перажываць, спрабаваць дапамагчы, каб здароўя хапала для гэтых выпрабаванняў. Усе людзі ў турмах мяняюцца: худнеюць, адсутнасць святла і свежага паветра — усё гэта адбіваецца.
Я таксама бачыў Аўтуховіча. Ён знаходзіўся ў турме да вясны дакладна. Я з ім недзе ў пачатку вясны перасякаўся ў калідорах. Трымалі яго асобна. Ну і з асобамі, якія праходзілі па гэтай справе — прынамсі, чуў.
Палітычных было шмат. Фінальны перыяд знаходжання ў турме сядзеў з Ежы Жывалеўскім, якога за агентурную дзейнасць прыцягнулі.
Людзі па-рознаму пераносяць вязніцу. Ёсць тыя, якія вельмі пакутуюць псіхалагічна. […] І людзі ламаюцца. Яны не разумеюць, за што іх так караюць. Таму што людзі паставілі лайк — а ім прылятаюць такія наступствы, ад якіх псіхіка не вытрымлівае. Гэта ў турме на слэнгу называецца «гнаць».
Калі чалавек вельмі моцна стрэсуе, відаць, у гэты час, я па сабе мяркую, фантазіруюцца нейкія сцэнарыі адзін страшней іншага.
У выпадку людзей, якія праходзілі па справе Аўтуховіча, гэта былі проста істэрыкі, якія здараліся ў некаторых асоб. Гэта проста крык: калі чалавек у істэрыцы крычыць, што вось такія-такія асобы фальсіфікавалі матэрыялы.
Людзі проста крычалі пра свой боль. Знаходзіцца ў гэты час у тым жа самым будынку, дзе чалавек пераносіць настолькі магутныя пакуты, для мяне было пакутай дадатковай. У тым ліку і заклікі да сілавога супраціву гучалі. Гэта хутчэй людзі, якім губляць няма чаго.
— А чаму такое адбываецца з імі? Гэта асаблівасці характару?
— Так. Псіхіка ў кожнага па-рознаму рэагуе на адны і тыя самыя абставіны. Я думаю, што ратуюцца тыя, хто бачыць сэнс у тым, што адбываецца. Нават у гэтых жахлівых абставінах людзі знаходзяць, для чаго яны тут. Дапамагае трымаецца тое, што верыш у тыя каштоўнасці, якія не змяняюцца нават у турэмных абставінах. Асабістыя чалавечыя якасці, памножаныя на каштоўнасныя базавыя ўстаноўкі.
https://nashaniva.com/340490
